Беларуская Служба

Нобелеўскую прэмію па хіміі прысудзілі за “рэдагаваньне геному”

08.10.2020 17:37
Гэты метад можна назваць "ножніцамі для генаў" або "малекулярнымі ножніцамі".
Аўдыё
  • Нобелеўскую прэмію па хіміі прысудзілі за “рэдагаваньне геному”
Jennifer A. Doudna (L) i Emmanuelle Charpentier (P)
Jennifer A. Doudna (L) i Emmanuelle Charpentier (P) PAP/EPA/ALEXANDER HEINL

Лаўрэатамі Нобелеўскай прэміі 2020 года па хіміі сталі Эмануэль Шарпэнцье з Францыі і Джэніфэр Даўдна з ЗША «за распрацоўку метаду рэдагавання геному». Пра гэта было абвешчана на цырымоніі ў Стакгольме 7 кастрычніка.

Эмануэль Шарпэнцье і Джэніфэр Даўдна распрацавалі гэтак званы метад CRISPR-Cas9, які цяпер шырока выкарыстоўваецца ў якасці перадавога і высокадакладнага спосабу ўнясення зменаў у ДНК. Гэты метад можна назваць "ножніцамі для генаў" або "малекулярнымі ножніцамі".

Прафесар Славамір Сэнк (Sławomir Sęk) з Хімічнага факультэта Варшаўскага універсітэта тлумачыць, што ў геном закадавана ўся генетычная інфармацыя пра дадзены жывы арганізм. Выкарыстоўваючы метад, распрацаваны ўзнагароджанымі даследчыцамі, можна мадыфікаваць гэтую інфармацыю.

- З пункту гледжання хіміі можна патлумачыць наступным чынам: вучоны можа адсякаць пэўныя фрагменты ніткі ДНК і ўводзіць на іх месца іншыя з пажаданымі ўласцівасцямі і функцыямі. Такім чынам мы можам пазбавіцца з ДНК і геному ад такіх фрагментаў коду, якія адказныя за тое, што ў нас падвышаная ўспрымальнасць да нейкіх генетычных ці набытых хвароб. 

Ужо цяпер на аснове ўзнагароджананага метаду даследчыкі гатовыя выпрацаваць культуры, устойлівыя да цвілі, шкоднікаў, вірусаў і засухі.

 - Існуе магчымасць мадыфікаваць расліны такім чынам, каб павысіць іх устойлівасць да патагенных чыннікаў. Адначасова мы можам рэдагаваць геном такім чынам, каб у раслін былі найбольш патрэбныя нам уласцівасці. Напрыклад, хуткасць росту або канкрэтныя рысы выгляду. У выпадку жывёл гэты метад таксама можа выкарыстоўвацца - для мадыфікацыі жывёльных арганізмаў.

Прафесар Павел Кулеша, супрацоўнік Хімічнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта, сябра Польскай акадэміі навук, лічыць, што матывацыяй для даследчыц, хутчэй за ўсё, не была генетычная мадыфікацыя раслін.

 - Я думаю, што першапачатковым і найважнейшым стымулам было жаданне барацьбы з анкалагічнымі хваробамі і хваробамі кровазвароту.

 Эмануэль Шарпэнцье і Джэніфэр Даўдна распрацавалі метад у 2012 годзе.

 Прафесар Рафал Сіціньскі (Rafał Siciński) з Хімічнага факультэта Варшаўскага універсітета адзначае, што Нобелеўскі камітэт узнагародзіў адносна нядаўна адпрацаваныя даследаванні і метад.

 - Раней назіралася такая тэндэнцыя, што прэмія прысуджалася прафесарам ва ўзросце. Я не супраць пажылых прафесараў, сам я таксама не маладзён, але прэмію прызнавалі за сотні публікацый, за акадэмічныя дасягненні, за гады даследаванняў у лабараторыях. Гэтым разам Нобель прысуджаны за наватарскія даследаванні, своечасовыя, даследаванні вельмі важкія, з шырокімі перспектывамі і вельмі патрэбныя. Такім чынам бачна, што Нобелеўскую прэмію можна атрымаць не чакаючы дзясятак гадоў, а значна раней.

 Меркаваннем прафесара Паўла Кулешы, рашэнне Нобелеўскага камітэту дае новы погляд на ўзнагароджанне даследаванняў.

 - Я лічу, што гэта пераломнае рашэнне Нобелеўскага камітэту ва ўсіх аспектах. Прэмія прызнаная адносна маладым даследчыцам, актыўным, якія працуюць у галіне, у якіх ужо ёсць пэўныя дасягненні, але ёсць таксама шмат выклікаў. Такім чынам, не выключаецца, што гэтыя даследчыцы праз 10-15 гадоў зноў атрымаюць узнагароду. Так як гэта адбылося з Марыяй Складоўскай-Кюры.

Лаўрэаткі атрымаюць да падзелу на дзве асобы 10 мільёнаў шведскіх крон.

Нобелеўскую прэмію па фізіцы атрымалі сёлета тры навукоўцы за даследаванні чорных дзірак. Шведская акадэмія навук узнагародзіла брытанца Роджэра Пенроўза, немца Рэйнхарда Генцэля і амерыканку Андрэа Гез.

Нобелеўскі камітэт напісаў, што Роджэр Пэнроўз даказаў, якім чынам тэорыя адноснасці прывяла да паўставання чорных дзірак.

Другую частку прэміі атрымалі Рэйнхард Генцэль і амерыканка Андрэа Гез за адкрыццё, што нябачны, магутны аб'ект кіруе арбітамі зорак у цэнтры нашай галактыкі.

яс/Катажына Інграм

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка